ДАГАВО́Р АБ СУПО́ЛЬНІЦТВЕ БЕЛАРУ́СІ І РАСІ́І 1996 Падпісаны 2.4.1996 у Маскве Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкам і Прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі Б.М.Ельцыным. Прадугледжвае больш высокі ўзровень супрацоўніцтва дзвюх суверэнных рэспублік сярод Садружнасці Незалежных Дзяржаў — яднанне на прынцыпах суверэннасці і раўнапраўя, агульнапрынятых нормах міжнар. права, матэрыяльнага і інтэлектуальнага патэнцыялаў сваіх дзяржаў. Пры гэтым і Беларусь і Расія захоўваюць сваю незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць, свае Канстытуцыю, дзярж. сцяг, герб, гімн і інш. атрыбуты дзярж. улады, з’яўляюцца суб’ектамі міжнар. права і захоўваюць сваё членства ў міжнар. арг-цыях. Дагавор прадугледжвае адказнасць членаў Супольніцтва і абавязковасць прымаемых рашэнняў праз каардынацыю і кантроль з боку спецыяльна створаных органаў з акрэсленымі ўладнымі паўнамоцтвамі — Вышэйшага Савета і Выканаўчага к-та.
А.І.Галаўнёў.
т. 5, с. 570
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)